КУРС ЛЕКЦИЙ

Лекцыйныя заняткi № 2
Мэты і змест пачатковай моўнай адукацыі

1. Агульная характарыстыка зместу і накіраванасці выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах

2. Адукацыйны стандарт пачатковай адукацыі і праграма па беларускай мове

3. Вучэбна-метадычнае забеспячэнне працэсу моўнай адукацыі ў пачатковых класах


1. Агульная характарыстыка зместу і накіраванасці выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах. Пры вывучэнні школьнага курса беларускай мовы настаўніку неабходна ўлічваць яе асноўныя функцыі. Як вядома, мова – гэта 1) сродак афармлення і выказвання думкі; 2) асноўны камунікатыўны сродак; 3) сродак выказвання пачуццяў; 4) сродак арганізацыі і планавання дзейнасці.

Школьны прадмет “Беларуская мова” ні ў якім разе нельга разглядаць як спрошчаны, адаптаваны для дзіцячага разумення навуковы курс беларускай мовы, бо перад сучаснай школай найперш пастаўлена задача ўзбраення кожнага школьніка практычнымі ўменнямі і навыкамі па роднай мове. Гэта значыць, што настаўнік павінен выхоўваць у малодшых школьнікаў высокую культуру маўлення, ён павінен навучыць іх правільна, выразна і дакладна перадаваць свае думкі і пачуцці. Але ўсё гэта будзе не магчыма, калі школа не дасць сваім выхаванцам пэўную сістэму тэарэтычных ведаў па мове, якая забяспечвае базу для засваення граматычных, арфаграфічных, пунктуацыйных і іншых уменняў і навыкаў.

Паводле нарматыўных дакументаў, змест і віды заняткаў па беларускай мове павінны быць накіраваны:

– на развіццё вуснага маўлення і пісьмовай мовы вучняў – у сувязі з чытаннем, пісьмом, вывучэннем граматычнага матэрыялу, а таксама ў сувязі з назіраннямі, з грамадскай дзейнасцю і набыццём вучнямі жыццёвага вопыту;

– на навучанне дзяцей, што прыйшлі ў першы клас, грамаце (элементарнаму чытанню і пісьму) і пастаяннае ў далейшым удасканаленне гэтых уменняў;

– на вывучэнне літаратурнай нормы – граматычнай правільнасці, арфаграфічна і пунктуацыйна граматнага пісьма, арфаэпічна правільнага і выразнага вымаўлення;

– на тэарэтычнае вывучэнне матэрыялу па граматыцы, словаўтварэнні, фанетыцы, лексікалогіі, на фарміраванне сістэмы навуковых паняццяў у галіне мовы;

– на далучэнне школьнікаў да ўзораў мастацкай і навукова-пазнавальнай літаратуры праз урокі літаратурнага чытання і граматыкі, на авалоданне ўменнем успрымаць творы розных жанраў, а таксама на авалоданне чытацкімі ўменнямі і навыкамі.

Змест вучэбнага прадмета “Беларуская мова” складаюць:

1) моўныя веды, уменні і навыкі (веды пра сістэму моўных адзінак і заканамернасці іх функцыянавання, фанетыка-артыкуляцыйныя навыкі, лексічныя, лексіка-граматычныя, арфаграфічныя і пунктуацыйныя ўменні і навыкі);

2) маўленчыя ўменні і навыкі (уменні і навыкі ў розных відах маўленчай дзейнасці: аўдзіраванні, чытанні, гаварэнні, пісьмовым маўленні);

3) камунікатыўныя ўменні і навыкі (уменні і навыкі выкарыстання розных відаў маўленчай дзейнасці ў пэўных маўленчых сітуацыях);

4) агульныя звесткі пра беларускую мову, формы яе існавання і сферы ўжывання, культурную і эстэтычную самакаштоўнасць беларускай мовы;

5) традыцыйны маўленчы этыкет, моўная норма, міжмоўная аманімія.

2. Адукацыйны стандарт пачатковай адукацыі і праграма па беларускай мове. Змест навучання рэгламентуецца адукацыйным стандартам, што з’яўляецца асноўным нарматыўным дакументам, у якім абазначаны патрабаванні да ўзроўню падрыхтоўкі выпускнікоў школы ў галіне пэўнага прадмета. Адукацыйны стандарт уключае: агульную характарыстыку вучэбнага прадмета, мэты і задачы навучання мове, неабходны і дастатковы мінімум для дасягнення мэтаў адукацыі па фанетыцы і арфаэпіі, лексіцы і фразеалогіі, марфемнай будове слова і словаўтварэнні, граматыцы, правапісе, маўленчай дзейнасці, а таксама патрабаванні да падрыхтоўкі вучняў, вымяральнікі і сістэму кантролю выканання патрабаванняў адукацыйнага стандарту.

На аснове адукацыйнага стандарту распрацавана вучэбная праграма па мове, у якой раскрываецца змест навучання. Апошнія вучэбныя праграмы па беларускай мове ў сярэдніх і старэйшых класах пабудаваны па лінейным прынцыпе. Гэта абазначае, што лінгвістычны матэрыял размеркаваны па гадах навучання ў адпаведнасці з логікай навукі. Не прадугледжваецца “нарашчэння” тэарэтычнага матэрыялу па адной і той жа тэме на новай ступені навучання. У пачатковых класах гэты прынцып вытрымліваецца толькі часткова.

Праграма мае наступную структуру:

1. Тлумачальная запіска (у ёй раскрываюцца мэты, задачы, асноўныя канцэптуальныя ідэі курса, прынцып пабудовы праграмы).

2. Уласна праграма: змест школьнага курса мовы размеркаваны па этапах навучання (класах) і раздзелах (тэмах). Матэрыял кожнай тэмы складаецца з дзвюх частак:

– лінгвістычнай (раскрываецца змест асобных тэм);

– аперацыянальнай (даецца пералік практычных уменняў, якімі павінны авалодаць школьнікі ў працэсе вывучэння тэмы).

Для кожнага класа ўказваецца агульная колькасць гадзін на год, на тыдзень, асобна абазначаецца колькасць гадзін, што адводзяцца на пісьмовыя працы. Пасля кожнага раздзела называецца аб’ём вучэбнага часу, неабходны для засваення матэрыялу (агульная колькасць гадзін, з якіх асобна выдзяляецца час на правядзенне пісьмовых прац).

3. Вучэбна-метадычнае забеспячэнне працэсу моўнай адукацыі ў пачатковых класах. Вучэбна-метадычныя комплексы па беларускай мове распрацоўваюцца для школ з беларускай і рускай мовамі навучання і ўключаюць падручнікі, рабочыя сшыткі на друкаванай аснове, вучэбна-метадычныя дапаможнікі як абавязковыя для выкарыстання на занятках, а таксама зборнікі пераказаў і дыктантаў, вучэбныя табліцы, дыдактычныя матэрыялы, электронныя сродкі навучання, праграмы і вучэбна-метадычныя дапаможнікі для факультатыўных заняткаў.

Кампаненты ВМК па вучэбным прадмеце «Беларуская мова»

Для настаўнiкаў: вучэбная праграма па вучэбным прадмеце; iнструктыўна-метадычнае пiсьмо, метадычныя ўказаннi, метадычныя рэкамендацыi, вучэбна-метадычны дапаможнiк, дапаможнiк (у тым лiку дыдактычныя матэрыялы, дыягнастычныя (кантрольныя i вымяральныя) матэрыялы).

Для настаўнiкаў i вучняў: вучэбны дапаможнiк (падручнiк), вучэбны наглядны дапаможнiк, электроннаве вучэбнае выданне.

Вучэбна-метадычны комплекс забяспечвае дасягненне вынiкаў асваення вучэбнай праграмы пачатковай адукацыi i цалкам адпавядае патрабаванням адукацыйнага стандарта.

Цэнтральнае месца ў вучэбным кампаненце вучэбна-метадычнага комплексу займае падручнік (часам вучэбны дапаможнік). Пад падручнікам традыцыйна разумеецца кніга, якая выкладае асновы навуковых ведаў па пэўным вучэбным прадмеце ў адпаведнасці з мэтамі навучання, устаноўленымi праграмай і патрабаваннямі дыдактыкі.

Другім элементам вучэбнага кампанента вучэбна-метадычнага комплексу з’яўляецца рабочы сшытак на друкаванай аснове, пад якiм разумеецца разнавіднасць вучэбнага дапаможніка з заданнямі для самастойнай працы ў ёй навучэнцаў. Сшытак выконвае функцыі кіравання самастойнай дзейнасцю, метадычнай дапамогі ў фарміраванні вучэбных уменняў і навыкаў, інтэграцыі элементаў вучэбна-метадычнага комплексу (у першую чаргу: праграма – падручнік – сшытак).

Самымі распаўсюджанымі дапаможнымі элементамі вучэбнага кампанента вучэбна-метадычнага комплексу з’яўляюцца дыдактычныя матэрыялы, якія змяшчаюць зыходную інфармацыю ў самых розных відах.

Дыдактычныя матэрыялы бываюць дэманстрацыйнымі і раздатачнымі, паколькі разлічаны на непасрэдную працу з імі саміх школьнікаў на самых розных этапах навучання: пры вывучэнні і замацаванні новага вучэбнага матэрыялу, для самакантролю і г. д.

Акрамя гэтага, у вучэбным кампаненце вучэбна-метадычнага комплексу можна вылучыць групу дадатковых рэсурсаў, да якіх адносяцца энцыклапедыі, мастацкая і навукова-папулярная літаратура, калекцыі відэа- і фотаматэрыялаў i iнш.

Вучэбны кампанент цесна звязаны з метадычным кампанентам вучэбна-метадычнага комплексу.

У метадычны кампанент вучэбна-метадычнага комплексу ўваходзяць асноўныя элементы (метадычныя дапаможнікі, дыдактычныя матэрыялы, тэхналагічныя карты, заданні для праверачных работ); дапаможныя рэсурсы (відэаўрокі, электронныя прэзентацыі да ўрокаў, матэрыялы з вопыту работы).

Вылучаецца тры тыпы метадычных дапаможнікаў:

– дапаможнікі з метадычнымі парадамі (рэкамендацыямі) па выкладанні прадмета, часцей за ўсё падрыхтаваныя аўтарамі падручнікаў;

– дапаможнікі “з вопыту працы” настаўнікаў, вынікі апрабацый, рэкамендацыі аўтараў па працы з вучэбным дапаможнікам;

– камбінаваныя метадычныя дапаможнікі, у якіх прадстаўлены і рэкамендацыі аўтараў, і дыдактычныя матэрыялы, і дадатковыя крыніцы, i вопыт працы педагогаў, даведачныя звесткi, навукова-метадычныя часопiсы i г. д.